среда, 20 марта 2019 г.

прэзентацыя кнігі А. Сачанкі
«Да бабулі на вёску»
Мэта мерапрыемства – знаёмства з новай кнігай «Да бабулі на вёску» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя».  Яе аўтар – Алесь Сачанка, галоўны рэдактар часопіса «Пралеска».
У кнізе «Да бабулі на вёску» разам з героямі кнігі дзяўчынкай Паўлінкай і хлопчыкам Міхаськам можна даведацца аб традыцыйных занятках сялян, іх абрадах, прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нацыянальных стравах, святах, аб асаблівасцях жыцця беларусаў у вёсцы ў мінулым. Выданне дапоўнена цікавымі пытаннямі і заданнямі, творамі мастацкай літаратуры, каляровымі ілюстрацыямі, сэнс незнаёмых слоў больш падрабязна раскрыты ў тлумачальным слоўніку.
Прэзентацыя кнігі праходзіла ў акружэнні старажытных прадметаў побыту і прылад працы, якія захоўваюцца ў бібліятэцы.  Дзеці даведаліся з кнігі, што такое «самапрадка», «абрус», «рушнікі», «гладышка», «прас» и г.д. Яны пабачылі, як выглядаюць рэчы хатняга абіходу ўжывую і дазналіся, для чаго яны патрэбны.
Бібліятэкар прадэманстравала інтэрактыўны плакат-прэзентацыю кнігі «Да бабулі на вёску», паказала іншыя кнігі з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя».
Вучні развучылі гульню «Жыта», успомнілі беларускія народныя песні, у якіх расказвалася пра працоўнае жыццё беларусаў.
З дапамогай відэапрэзентацыі «Смак беларускіх слоў» бібліятэкар ўзгадала ў алфавітным парадку назвы прадметаў па-беларуску.
У вяселым конкурсе «Пачастунак» вучні даведаліся пра назвы беларускіх страў, адчулі сабе кухарамі і запомнілі, з якіх прадуктаў гатуюць нацыянальные стравы.
Дзякуючы знаёмству з кнігай Алеся Сачанкі, дзеці зразумелі, што сучасныя людзі  берагуць і захоўваюць спадчыну нашых продкаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий